Мая сьціплая рэцэнзія ў стылі зварота да аўтараў пераклада.
Першае - станоўчае. Сябры, нізкі вам паклон і вялікая падзяка, гэта вельмі добрая справа, якую вы робіце. Беларускамоўных фільмаў няшмат, частка зь іх - з жудасным гукам, а вашыя пераклады вельмі прыемна чуць. Пераклад атрымаўся добры, я для сябе адкрыў некаторыя цікавыя словы, якіх раней ня ведаў, агучка атрымалася добрая, малайцы!
Але цяпер - другое, адмоўнае. Тое ж самае, што я казаў пра "Адзін дома" - ну навошта вы ўжываеце розныя брудныя словы? Напрыклад неаднойчы прагучала "срака"... Мы тут у сябе, ў Іркуцку, перыядычна зьбіраемся глядзець беларускамоўнае кіно, прыходзіць ня толькі моладзь, але і дзеці, і людзі сталага ўзросту... Я ўжо зьбіраўся у бліжэйшы час прапанаваць сябрам сабрацца і паглядзець "Вечнае зьзяньне...", але цяпер нават ня ведаю... Сорамна. Падчас прагляду я нават напісаў СМС Алегу Рудакову, спытаўся - ці нармалёва гэта, ўжываць слова "срака" сярод інтэлігентных людзей? Думаў, можа гэта я чагосьці ня ведаю і не разумею...
Якую мэту вы перасьледваеце, ўжываючы гэткія словы? Чым кіно са словам "срака" лепей за тое ж самае кіно без слова "срака"?... Кожная беларуская агучка - вялікая каштоўнасьць, мы, нажаль, не Расея, дзе для некаторых фільмаў існуе па дзьве, па тры, а ў некаторых выпадках нават да сямі расейскамоўных агучак. На кожны густ - не падабаецца табе агучка з некаторымі словамі - калі ласка, вось табе іншая, без гэткіх словаў...
На мой погляд, вы такімі словамі толькі псуеце уражаньне ад сваёй працы (пры тым, што й бяз гэтага знойдзецца зашмат крытыкаў, якія ўсё аббрэшуць - і русізмы, і палянізмы, і вымаўленьне, і якасьць гуку...) Трэба ж наадварот, пашыраць кола аматараў беларускамоўнага кіно, а гэтая словы яго толькі абмяжоўваюць. Можа й нязначна, можа я перабольшваю, але ўпэўнены - абмяжоўваюць, таму што асабіста я ведаю шмат людей, якім гэта будзе не да спадобы. Тым больш, дзецям такія фільмы паказваць няма ніякага жаданьня.
Спадзяюся, што вы будзеце працягваць сваю працу, і спадзяюся, што мае словы не прагучаць дарэмна.
З вялікай павагай і ўдзячнасьцю.
Апошні раз адрэдагавана Вавёрка (2013-10-26 15:14:10)