Пра альбом: Альбом «З Новым годам!» запісалі ўвесну 2000 году на мазырскай музычнай студыі «Арт-cтудио». Па змесце альбом атрымаўся пераважна сатырычным (песні "Танец сьмерці" і "Гэй, славяне!"). Перавыданне 2004 году зрабіў лэйбл «WestRecords». У яго ўлучылі дэма-версіі песняў «Зьмяя», «Дзяржтэлерадыё» і «Геадэзія-картаграфія», відэа-кліп на песню «Калгас», што на альбоме "radzima.com" песня «Сьветлы шлях», і канцэртны відэа-запіс песні «Радзіма-свабода». Запіс і звядзенне альбому рабіў Сяргей Лабандзіеўскі, дызайн — Павел Цыбін, фота — Аляксандр Кулік, мультымедыі — Ігар Назаранка. Прадусар — Ганна Вольская.
Маніфэст гурту Zet: Паказаць
«Цяперашні музычны сьвет багаты й разнастайны. Рок-гурты граюць музыку. Публіка яе слухае. Вакол кожнага больш менш значнага калектыву гуртуецца кола ягоных прыхільнікаў. Гэтыя прыхільнікі досыць агрэсыўныя й кансэрватыўныя ў стаўленьні да ня толькі фанатаў іншых гуртоў, але й сваіх куміраў. Альтэрнатыўныя гурты вельмі стараюцца ня страціць свой альтэрнатыўны фармат. Тымчасам ён зрабіўся модным ва ўсім сьвеце і пераўтвараецца ў натуральную папсу. Незразумела да чаго ён альтэрнатыўны. Да MTV? Дык цяпер там круцяць учорашніх "альтэрнатыўшчыкаў" як учора Брытні Сьпірт. Змагары з рэжымам, дыктатурай і дзяржаўным ладам сваімі шматгадовымі крыкамі настолькі зьнівэлявалі йдэю, што тэкст ужо ня слухаецца, бо набывае тыя ж папсовыя стандарты. Толькі ў клясычным папсовым варыянце будуць: close (open) up your eyes, low, kiss, а "змагарным" destroy, kill, dark і г.д. Усе сьпяваюць пра адно і тое ж аднымі і тымі ж словамі.
Мэталісты слухаюць свой мэтал і не разумеюць, што ўсе гэтыя доўгія валасы, заклёпкі, цыркавы сатанізм і клаўнада таксама папса, толькі робленая па іншых законах. Стандарты тэксту гэтых гуртоў гл. абзац вышэй. Толькі яшчэ больш цёмна й таямніча. А так усе пяюць адно і тое ж. Як сапраўдныя папсачы.
Сьледаваньне з боку музыкаў пэўнаму сучаснаму стандарту азначае, што яны прагнуць застацца ў межах вядомасьці пэўнае групы слухачоў. Калі яны зробяць крок убок ад рамак, слухачы іх не зразумеюць, і перастануць паважаць.
Вядомасьць (хаця б лякальная) будзе страчаная. Страты вядомасьці трэба пазьбягаць. "Фармат" трэба захоўваць. Ці не заўважаеце вы тыповыя папсовыя ўстаноўкі: імкнуцца да набыцьця вядомасьці, захоўваць вядомасьць, захоўваць "фармат". "Альфа радыё" захоўвае свой фармат. Тупа і пасьлядоўна. Дзякуючы гэтаму мае сродкі для існаваньня. Тое ж адбываецца з тусоўкай, якая ніколі не прагучыць на "Альфе": хардкор, усе гатункі мэталу, рэп і г.д.
Яна захоўвае фармат: ніякая папса не павінна пракрасьціся на гэтую тэрыторыю. Бо слухачы не зразумеюць (як і ў прыкладзе з "Альфай"). Дык што тут папса і што не папса? Калі асноўныя накірункі дзейнасьці й прынцыпы йснаваньня аднолькавыя. Прынцыповая розьніца музычны фармат. Але, насамрэч, гэтая розьніца непрынцыповая, калі аднолькавыя прынцыпы зрабіць шоў і атрымаць за яго ганарар. НАКАРМІЦЬ ПУБЛІКУ ТЫМ, ШТО ЯНА ХОЧА ЗЬЕСЬЦІ. Гэта галоўны прынцып папсы. Папсы з аднаго і з другога боку ўяўнае мяжы.
Высновы:
Сучасны музычны сьвет падзелены на некалькі попсаў, якія робяць адно і тое ж рознымі музычнымі сродкамі: чапляюцца за музычны фармат і зарабляюць на ім вядомасьць і грошы. Пры гэтым і самі музыкі, і іхныя прыхільнікі абвінавачваюць канкурэнтаў у папсовасьці, сатанізму, дэструкцыі, тупасьці і г.д. Яны ня бачаць, адкуль ногі растуць, самі зьяўляючыся часткай вялікага папсовага працэсу. У гэтай сытуацыі гурт ZET мусіць заявіць, што дзеля таго, каб пазьбегнуць "фармату", будзе выконваць песьні ў розных стылях, з рознымі тэкстамі на розных мовах. Імідж будзе пастаянна зьмяняцца. Трэба, каб ніхто ня ведаў, што ў наступны раз зграе і як будзе выглядаць гурт. Гэта робіцца, каб пазьбегнуць гарачай любові слухачоў граньня аднаго і таго ж цягам дзесяцігодзьдзяў (хаця матар'ял даўно ўжо не выклікае ў выканаўцаў ніякіх эмоцыяў). Ад скрайніх мэтал-плыняў да блятняку! Каб не прызвычайваліся.
Хаця й ёсьць небясьпека такім чынам стварыць новы фармат.»