Праект baravik.org прыме як ахвяраванне накапляльнікi на цвёрдых дысках (sata) аб'ёмам 3 Тб для захоўвання і раздачы матэрыялаў з нашага трэкера.
звяртацца admin малпа baravik.org
Вы не ўвайшлі. Калі ласка, ўвайдзіце ці зарэгіструйцеся.
Баравік » Навіны
Праект baravik.org прыме як ахвяраванне накапляльнікi на цвёрдых дысках (sata) аб'ёмам 3 Тб для захоўвання і раздачы матэрыялаў з нашага трэкера.
звяртацца admin малпа baravik.org
У пятніцу 11 траўня ў Гродне адбудзецца сустрэча з знанымі літаратарамі розных пакаленняў. Перад гарадзенцамі выступяць Уладзімір Арлоў, Андрэй Хадановіч і Павал Касцюкевіч. Уладзімір Арлоў прэзентуе ў нашым горадзе сваю новую кнігу «Пакуль ляціць страла».
Адбудзецца таксама ўганараванне фіналісткі літаратурнай прэміі «Дэбют» імені Максіма Багдановіча, гарадзенкі Ганны Аўчыннікавай.
Сустрэча-прэзентацыя пачнецца а 19.00 у пятніцу па адрасе: Гродна, Будзёнага 48а, зала № 75.
Уваход вольны!
Усталяваны новы пераклад рухавічка нашага сайта
Дзякуй eratyk
Заўвагі пішам сюды
Дададзена пашырэнне, якое дазваляе выкарыстоўваць тэг video
[video]http://www.youtube.com/watch?v=_SrSTE1cXMQ[/video] убудаваны відэаплэер у вашым паведамленні.
Вы можаце выкарыстоўваць відэа толькі з гэтых сэрвісаў: youtube, rutube, dailymotion, vimeo, google video.
Дададзена пашырэнне "Падзякаваць"
Калі спадабалася нейкае паведамленне - ціснем на спасылку "Падзякаваць" у правым ніжнім куце
Прапаную разаслаць лісты ў розныя навучальныя ўстановы з каб распаўсюдзіць інфармацыю аб Баравік. Дэканам беларускіх факультэтаў і загадчыкам кафедрамі.
Для студэнтаў і іншых навучэнцаў тут ёсць шмат цікавага.
Калі хто ведае адрасы такіх устаноў і прозвішча зацікаўленых просім пісаць тут да першага чэрвеня.
У выдавецтве «Медысонт» выйшла ўнікальная кніга – аповесць Уладзіміра Караткевіча «Ладдзя Роспачы» – у арыгінальным выглядзе аўтарскага рукапісу.
У чытачоў ёсць магчымасць пабачыць на ўласныя вочы ўсе цэнзарскія, аўтарскія і карэктарскія праўкі, што былі зробленыя ў аповесці, калі яе рыхтавалі да друку. У двух варыянтах тэксту аповесці толькі цэнзарскіх правак назбіралася 296. Ідэя такога выдання, што дэманструе нам рэальнасць савецкае таталітарнае сістэмы і паказвае ўвесь творчы працэс навыварат, належыць Глебу Лабадзенку, літаратару і журналісту.
У кнізе прыведзеныя тры варыянты аповесці Караткевіча. Апроч саміх копіяў старонак Караткевічавага рукапісу ў кнізе ёсць 55 ілюстрацый, 27 з якіх друкуюцца ўпершыню, шматлікія фотаздымкі з ягонага сямейнага архіву і збораў сяброў, якіх яшчэ не бачыла шырокая публіка.
Шмат паспрыяў гэтаму выданню Рыгор Барадулін, які напісаў і прадмову да гэтае кнігі. Бо менавіта сябру Барадуліну ў 1964 годзе і прысвяціў сваю аповесць “Ладззя Роспачы” Караткевіч. У выданні ёсць фотакопія рукапісу, потым ідзе кніжны тэкст з праўкамі Караткевіча і цэнзара.
Ідэя ўзнікла ў Глеба Лабадзенкі, калі ён дазнаўся, што ў Васіля Сёмухі ёсць арыгінальны машынапіс аповесці Караткевіча, з якога ён рабіў пераклад на расійскую мову для часопіса “Нёман” за 1968 год. У параўнанні з тагачаснай публікацыяй ў часопісе Глеб Лабадзенка налічыў 153 цэнзарска-рэдактарскія праўкі! Пасля ўкладальнік выявіў у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа чарнавыя накіды “Ладдзі” – чатыры рукапісныя аркушы. Яны таксама ўключаныя ў кнігу. Завяршаецца кніга аналізам правак, зробленых у творы падчас яго рэдагавання, аналіз выканаў Глеб Лабадзенка. Такім чынам перад намі паўстае амаль дэтэктыўная гісторыя змагання Майстра з цэнзураю. Кніга надзвычай важная не толькі для гісторыкаў літаратуры і філолагаў, але і для ўсіх, хто хоча адчуць дух таго часу, калі рэдактары выкідвалі з Караткевічавых радкоў слова “беларускі”…
Прэзентацыя “Ладдзі Роспачы” адбудзецца 4 снежня (субота) а 13-й гадзіне ў Мінску ў “Кніжным салоне” (Калініна, 5, метро “Парк Чалюскінцаў”). Абяцалі ўзяць удзел Рыгор Барадулін, Васіль Сёмуха, Генадзь Бураўкін, Уладзімір Арлоў, Сяргей Панізнік.
Прэзентацыя пройдзе ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Караткевіч Уладзімір. Ладдзя Роспачы. Навела / Першае непадцэнзурнае выданне: аналіз аўтарскіх і цэнзарска-рэдактарскіх правак. Уклад., ідэя, камент., аналіз Глеба Лабадзенкі ; прадмова Рыгора Барадуліна ; паслямова Васіля Сёмухі. – Мінск : Медысонт, 2010. – 148 с. : іл.
Беларуская мова будзе ўкараняцца ў справаводства на дзяржаўным узроўні.
Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра вырашыў укараняць беларускую мову ў справаводства узначаленай ім дзяржаўнай установы. Акрамя гэтага, супрацоўнікам аблвыканкама раяць размаўляць паміж сабой і з грамадзянамі, якія наведваюць аблвыканкам, па-беларуску, паведамляе Беларускі партызан.
кі партызан.
Як паведаміла намеснік начальніка упраўлення ідэалогіі Гродзенскага аблвыканкама Ірына Сцепаненка, на практыцы кожны дзяржаўны служачы павінен ведаць дзве мовы.
Як адзначаюць у Гродзенскім аблвыканкаме, беларусізацыя дзяржаўнай установы павінна стварыць адпаведныя ўмовы для далейшага развіцця беларускамоўнага прастора Прынёмання. А наступным крокам па папулярызацыі "матчынай мовы" павінна стаць абавязковае валоданне ёю чыноўнікамі раённага ўзроўню.
Для літаратуры дадаўся шаблён загалоўку.
Калі ласка, стварайце раздачы якія адпавядаюць шаблёнам
дададзены пункт
Тэматыкай рэлізаў ёсьць: беларуская мова, гісторыя, культура, грамадзкая дзейнасьць. Рэлізы, што не адпавядаюць гэтае тэматыцы, зьмяшчаюцца на тыдзень у разьдзел "Кандыдаты на выдаленьне". У гэты час праводзіцца галасаваньне наконт лёсу рэлізу сярод карыстальнікаў трэкеру і ў выпадку нэгатыўнага галасаваньня рэліз канчаткова зьнішчаецца.
Калі Вы не згодны з новымі Правіламі праекта то прапануем Вам пакінуць рэсурс.
Усе астатнія карыстальнікі "Баравіка" аўтаматычна будуць лічыцца за тых, хто пагадзіўся са зменамі.
Адміністрацыя.
Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка Kamunikat.org адзначае свой 10-ы дзень нараджэння. Бібліятэка з’яўляецца праектам Беларускага Гістарычнага Таварыства ў Беластоку (Польшча). І вось нарэшце 29 верасня адбудзецца афіцыйная прэзентацыя Kamunikat.org у Беларусі і разам з тым святкаванне 10-гадовага юбілею. Дзень нараджэння ладзіць Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, якое доўгі час паспяхова супрацоўнічае з бібліятэкай Kamunikat.org.
Падчас імпрэзы адбудзецца:
выстава-кірмаш кніг, выдадзеных беларусамі Беласточчыны;
прэзэнтацыя праекту “Беларусы Польшчы” вачыма фатографа Андрэя Лянкевіча.
Імпрэза адбудзецца ў сераду, 29 верасня, у “Галерэі Ў” (праспект Незалежнасцi 37а, ст. м. Плошча Перамогi). Пачатак а 18-й гадзіне.
Беларускі ўрад прыняў рашэньне стварыць Інстытут культуры Беларусі. Перад новай навуковай установай ставяцца вельмі шырокія задачы – ад падрыхтоўкі спэцыялістаў у галіне культуры на Радзіме да папулярызацыі беларускай культуры за мяжой.
Як паведаміў ў інтэрвію Польскаму Радыё намесьнік міністра культуры Беларусі Тадэвуш Стружэцкі, Інстытут культуры будзе мець чатыры галоўныя накірункі дзейнасьці. Першы зь іх – гэта падрыхтоўка і павышэньне кваліфікацыі працаўнікоў сфэры культуры.
Т. Стружэцкі: У сфэры культуры працуюць сёньньня каля 50 тысячаў спэцыялістаў. Многія зь іх ня маюць профільнай вышэйшай адукацыі. Адна з асноўных задачаў інстытуту – рэгулярнае й сыстэматычнае павышэньне кваліфікацыі спэцыялістаў і перападрыхтоўка па некаторых спэцыяльнасьцях. Напрыклад, сёньня ў шматлікіх музэйных установах і клюбах працуюць людзі, якія ўвогуле ня маюць профільнай адукацыі. Гэтую праблему можна вырашаць шляхам перападрыхтоўкі.
Другім кірункам дзейнасьці новага навукова-асьветніцкага інстытуту будзе выбар прыярытэтаў разьвіцьця беларускай культуры. Акрамя гэтага Інстытут культуры Беларусі зоймецца аховай гісторыка-культурнай спадчыны ды рэстытуцыяй – вяртаньнем на Радзіму некалі вывезеных культурных каштоўнасьцяў. Нарэшце, апошнім вельмі важным напрамкам дзейнасьці стане папулярызацыя беларускай культуры за мяжой і супрацоўніцтва зь беларусамі замежжа.
Як паведаміў намесьнік міністра культуры Беларусі Тадэвуш Стружэцкі, дзеля гэтых мэтаў будзе створана сетка цэнтраў беларускай культуры за мяжой. Іх дзейнасьць будзе падобная да дзейнасьці такіх установаў, як нямецкі Інстытут Гётэ, гішпанскі Інстытут Сэрвантэса, Францускі інстытут, альбо Польскі інстытут у Менску.
Т. Стружэцкі: Мы ставім перад цэнтрамі беларускай культуры за мяжой шырокія культурна-адукацыйныя мэты. Гэта вывучэньне й папулярызацыя беларускай мовы, прэзэнтацыя беларускай культуры, падтрымка дзейнасьці беларускіх аматарскіх калектываў у замежжы, арганізацыя конкурсаў на тэму веданьня гісторыі й культуры Беларусі.
Старшыня Рады “Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” Ніна Шыдлоўская вельмі ўсьцешаная стварэньнем Інстытуту культуры Беларусі. Яна падкрэсьлівае, што дадзеная установа ствараецца ў тым ліку дзякуючы намаганьням “Бацькаўшчыны”. У аснову яе дзейнасьці пакладзеная прапановы дэлегатаў Пятага зьезду беларусаў сьвету. Згуртаваньне Беларусаў сьвету гатовае дапамагчы Інстытуту культуры ў яго працы.
Н. Шыдлоўская: Пакуль што ніякіх прапановаў да “Бацькаўшчыны” не паступала, але калі ў Міністэрства культуры ўзьнікне неабходнасьць зьвярнуцца да нашага досьведу, то мы будзем вельмі радыя дапамагчы ўсімі даступнымі нам сродкамі. Мы гатовыя дапамагаць, каб у іншых краінах даведаліся як мага больш поўна ды ўсебакова пра тыя працэсы, якія адбываюцца ў нас у краіне. Мы хочам, каб беларускія дзяржаўныя ворганы разьвівалі супрацоўніцтва з рознымі арганізацыямі беларусаў замежжа, незалежна ад іх палітычнай арыентацыі.
Старшыня Рады “Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” падкрэсьлівае, што супрацоўніцтва паміж Міністэрствам культуры й беларускімі арганізацыямі замежжа вельмі важнае як для пашырэньня ўплываў Беларусі ў сьвеце, так і для ўзмацненьня саміх асяродкаў беларусаў за мяжой.
===============
Крыніца: http://kamunikat.org/8645.html
Восеньскі тэлесезон пачнецца на тэлеканале «Белсат» з 6 верасня. Навіны без цэнзуры, гісторыя нашага народу і яго сённяшняе жыццё ў найноўшых беларускіх дакументальных фільмах, публіцыстычныя і дарадчыя праграмы ў абноўленай форме, найлепшая замежная дакументалістыка, прысвечаная жыццю ў нашай частцы Еўропы, а таксама новыя серыялы для усёй сям’і — так выглядае восеньская праграма тэлеканалу «Белсат».
Асноўным пунктам праграмы па-ранейшаму застаецца інфармацыйны сэрвіс «Аб’ектыў».
У эфіры «Белсату» гледачы ўбачаць цікавыя для ўсёй сям’і мастацкія фільмы, працы мэтраў кінематаграфіі, а малыя гледачы атрымаюць нанач улюбёныя казкі — па-беларуску.
Беларускае дакументальнае кіно — прэм’еры
Восень на «Белсаце» будзе багатая на прэм’еры дакументальных фільмаў, знятых у Беларусі вядомымі рэжысёрамі. З 2007 г. «Белсат» выпусціў больш за 90 дакументальных стужак і рэпартажаў, якія паспелі стаць візітнаю карткаю тэлеканалу, здабыўшы 12 прэстыжных узнагародаў на міжнародных фестывалях і праглядах. Гэтыя фільмы апавядаюць пераважна пра сучасных беларусаў і гісторыю нашай краіны — без прапаганды, белых плямаў і замоўчвання. Увосень на «Белсаце» — тузін прэм’ераў дакументальных фільмаў. Асаблівай увагі заслугоўваюць:
«Лобатамія», рэж. Юрый Хашчавацкі, Беларусь, 2010, 60 хв.
Найноўшы фільм вядомага ў свеце беларускага дакументаліста Юрыя Хашчавацкага (аўтара фільмаў «Плошча», «Звычайны прэзідэнт» ды інш.) апісвае магчымасці маніпулявання грамадствам пры дапамозе медыяў падчас войнаў і грамадскіх канфліктаў.
Фільм утрымлівае ўнікальныя матэрыялы часоў Памаранчавай рэвалюцыі ва Украіне, падзеяў у Беларусі, а таксама ніколі раней не дэманстраваныя кадры расейска-грузінскай вайны, якія дало МЗС Грузіі.
«Як пошуг маланкі», рэж. Валерый Мазынскі, сцэн. Міхась Чарняўскі, Беларусь, 2010, 30 хв.
У фільме паказваюцца феномен моладзевага антыкамуністычнага падполля, якое дзеяла ў Беларусі ў 1948—1950 гг., і трагічны лёс яго ўдзельнікаў ды расстралянага НКВД лідара руху Расціслава Лапіцкага.
Праз 60 гадоў дакументалісты сустрэліся з удзельнікамі падполля, якое кінула выклік сталінскай сістэме.
У фільме выкарыстоўваюцца ўнікальныя здымкі, дакументы, а таксама рэканструкцыя падзеяў з удзелам актораў.
«Катынь. 70 гадоў пасля», рэж. Галіна Самойлава, сцэн. Уладзімір Самойлаў, Беларусь, 2010, 30 хв.
Беларускія дакументалісты шукаюць слядоў т.зв. беларускага катынскага спісу. Чым быў гэты спіс, і чаму да сённяшняга дня нам не вядомы яго змест? Ці была Катынь толькі польскаю трагедыяй? Ці прывядзе гэтая старонка гісторыі да яднання палякаў і беларусаў? Фільм Галіны Самойлавай шукае адказу на гэтыя пытанні, спрабуючы раскрыць таямніцы беларускага следу трагедыі праз 70 гадоў.
«Няскораная», імя аўтара засакрэчанае дзеля ягонай бяспекі, Беларусь, 2010, 2 ч. па 30 хв.
Дакументальны фільм, прымеркаваны да 100-й гадавіны з дня нараджэння Ларысы Геніюш, вялікай беларускай паэткі і патрыёткі.
Да канца 1930-х гг. яна была ў палітычнай эміграцыі ў Чэхаславакіі ды ўваходзіла ў кіраўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі на эміграцыі. Як сакратарка БНР, яна вяла архіў, за якім палявалі савецкія спецслужбы. Пасля захопу камуністамі ўлады ў Празе, Геніюш у 1948 г. выдалі СССР, а савецкія ўлады саслалі паэтку ў Сібір. Нягледзячы на рэпрэсіі, яна так і не аддала НКВД эміграцыйнага архіву. Вызваленая на хвалі адлігі ў 1956 г., паэтка вярнулася дадому, у Зэльву, дзе жыла да смерці ў 1983 г. Ларыса Геніюш да сённяшняга дня застаецца нерэабілітаванаю. Вядомая яна сярод іншага і тым, што так і не прыняла грамадзянства СССР. Хоць сучасныя літаратуразнаўцы лічаць яе адною з найлепшых беларускіх паэтак, прозвішча Геніюш не знойдзеш ў афіцыйных падручніках беларускай літаратуры.
У фільме выкарыстоўваюцца ўнікальныя здымкі, відэаматэрыялы і аўдыёзапісы з выказваннямі Ларысы Геніюш, няскоранай паэткі, якую не здолелі зламаць ані нацысты, ані камуністы. Расповед вядзе вядомы беларускі паэт і літаратуразнавец Міхась Скобла.
Публіцыстыка і дарадчыя праграмы
Пасля вакацыйнага перапынку на экраны вяртаюцца найпапулярнейшыя публіцыстычныя праграмы. Штопятніцу вас чакае прэм’ернае выданне «Госця «Белсату», аўтарскай праграмы Паўла Мажэйкі, які сустракаецца ў студыі з выбітнымі палітыкамі, вядучымі беларускімі экспертамі, інтэлектуаламі ды людзьмі культуры. На сваё сталае месца ў праграме трансляцыі вяртаецца тэлечасопіс «Тыдзень з радыё «Свабода», які ствараецца ў Празе ў супрацы з радыё «Свабода» і дае публіцыстычнае падсумаванне тыдня (субота). У эфіры — агляд міжнародных падзеяў «Прасвет» у новым фармаце і графічным афармленні, вядоўца — Дзмітры Гурневіч (нядзеля). У гэты ж дзень выходзіць і «Прэс-экспрэс» — штотыднёвы агляд дзяржаўнага і незалежнага друку. Традыцыйна панядзелкі на «Белсаце» — гэта час для беларускай культуры (праграмы «Рэмарка» і «Прыватная калекцыя» — папераменна, раз на два тыдні), аўторкі ж прысвечаныя эканоміцы («Асабісты капітал» і «Сальда»). Штосераду праграма «Маю права» будзе надалей дапамагаць арыентавацца ў беларускім заканадаўстве. Набліжаецца прэзідэнцкая кампанія, таму асаблівая ўвага будзе надавацца выпадкам парушэння правоў і грамадзянскіх свабодаў уладамі Беларусі. Па-ранейшаму важную адукацыйную ролю выконвае на «Белсаце» цыкл «Гісторыя пад знакам Пагоні», які ў кароткай і прывабнай форме нагадвае гледачам часта забытыя або поўныя хлусні моманты з гісторыі Беларусі, са старадаўніх часоў да ХХ ст. Восенню на «Белсаце» вы ўбачыце таксама прэм’ерныя выданні праграмы «Моўнік», у якой мовазнаўцы Ганна Іскрык і Зміцер Саўка запрашаюць гледачоў спасцігнуць таямніцы беларускае мовы (нядзеля). Праграма зацікавіць і тых, хто хацеў бы палепшыць свае веды, і тых, хто робіць першыя крокі з беларускаю моваю.
Рэпартаж
З верасня шточацвер увечары слова перадаецца журналістам тэлечасопісу «Рэпарцёр» і аўтарам рэпартажаў у межах цыклу «Без рэтушы». Рэпарцёры «Белсату» працуюць ва ўсіх кутках Беларусі і паказваюць рэчаіснасць малых мясцовасцяў і вёсак такою, якая яна ёсць. Для іх няма ні забароненых тэмаў, ні занадта складаных праблемаў. З камераю яны заўсёды становяцца на бок звычайных людзей. У верасні мы пакажам у тым ліку рэпартаж Міхаіла Аршынскага «Фядора, якая лечыць», прысвечаны вядомай лекарцы Фядоры Конюхавай з вёскі Пільшыцы ў Магілёўскай вобласці. Да яе па дапамогу прыязджаюць і простыя людзі, і палітыкі, і артысты, і бізнесоўцы з усёй Беларусі. Феномен яе медычна-знахарскай працы неаднаразова даследавалі навукоўцы з Акадэміі навук СССР ды розных медычных установаў. Усе даследчыкі пацвердзілі, што лекарка валодае надзвычайнымі здольнасцямі — з яе рук зыходзіць энергія, здольная вылечыць шматлікія захворванні.
Замежнае дакументальнае кіно
Увосень на «Белсаце» з’явіцца новы дакументальны цыкл «Незвычайнае жыццё звычайных людзей», а ў ім — замежныя дакументальныя фільмы, шматразова ўзнагароджаныя апошнімі гадамі на міжнародных фестывалях. Асаблівую ўвагу варта звярнуць на нізкабюджэтныя дакументальныя фільмы з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, у якіх адлюстроўваюцца знаёмыя жыхарам нашай часткі кантыненту праблемы перыяду трансфармацыі. У кожным з фільмаў — кранальныя гісторыі людзей з розных куткоў свету.
«Рэнэ», [«Rene»], рэж. Гэлена Тржэшцікава, Чэхія, 2008
Гэта інтымны партрэт мужчыны, які аказаўся на дне грамадства. Фільм ствараўся цягам 20 гадоў. Ветэран дакументалістыкі, Гэлена Тржэшцікава (былая міністарка культуры чэшскага ўраду), уключае камеру, калі яе герою, Рэнэ, 17 гадоў. Разам з ім яна перажывае чарговыя жыццёвыя этапы і ўважліва сочыць за тым, як Рэнэ аддаляецца ад агульнапрынятых нормаў і парушае забароны. Рэнэ, падлетак з разбітай сям’і, большасць свайго дарослага жыцця праводзіць за кратамі вязніцы. Аднак ён умее зачароўваць сабою людзей, паглынае сотні кніжак і ўрэшце сам пачынае пісаць. Фільм пра тое, як нараджаецца паталагічная асоба.
Узнагарода Міжнароднага кінафестывалю ў Карлавых Варах-2009
Еўрапейскі фестываль замежнага кіно «Prix Art-2008»: найлепшы дакументальны фільм
«Leipzig DOK-2008», Міжнародны фестываль дакументальных і анімацыйных фільмаў у Ляйпцыгу: Залатая галубка
«Leipzig DOK-2008»: узнагарода для найлепшага дакументальнага фільму Усходняй Еўропы
13-ы Міланскі міжнародны кінематаграфічны фестываль-2008: узнагарода ў катэгорыі «Найлепшы рэжысёр»
"Праблема з камарамі ды іншыя гісторыі», [Problemat s komarite i drugi istorii], рэж. Андрэй Паўноў, Балгарыя, 2007
Дакументальны фільм, у якім паказваецца жыццё невялікай балгарскай мясцовасці, размешчанай на Дунаі на мяжы з Румыніяй. Вялікі ўплыў на побыт тут аказвае суседства ядравай электрастанцыі, пабудаванай яшчэ за камуністычных часоў. Жыхары нягледзячы на праблемы — дарэчы, тыповыя для пераходнага перыяду — маюць аптымістычны падыход да жыцця. Іхным найбольшым клопатам ёсць не беспрацоўе, не адсутнасць перспектываў… Большасць часу ў іх займае змаганне з камарамі. Міжнародны кінафестываль у Карлавых Варах-2007: найлепшы дакументальны фільм
Узнагарода Сараеўскага кінафестывалю-2007
Узнагарода Брытанскай кінаакадэміі
«Глубінка», рэж. Яўгеній Саламіт, Расея, 2009
Распараджэнне пра абавязковы абмен савецкіх пашпартоў на пашпарты Расейскай Федэрацыі ўносіць неспакой у жыццё малой вёскі ў далёкай Сібіры. У Расеі без пашпарту немагчыма аформіць ніводнай справы. А каб памяняць пашпарт, трэба мець свежы фотаздымак памерам 35×45 мм. Кожны мае сфатаграфавацца. Героем фільму выступае мясцовы фатограф, які ездзіць ад вёскі да вёскі, здымае твары людзей і вядзе з імі доўгія размовы. У фільме паказваецца побыт традыцыйных сібірскіх вёсак і сумнай, крыху разгубленай Расеі.
«Георгій і матылькі», [Georgi i peperudite], рэж. Андрэй Паўноў, Балгарыя/Канада/Фінляндыя/Галандыя/Нарвегія/Брытанія, 2004
Надзвычай аптымістычная гісторыя пра функцыянаванне псіхіятрычнага шпіталю ва ўмовах рынкавай эканомікі. Гісторыя, якая і смешыць, і падштурхоўвае да роздумаў, і яшчэ раз даводзіць: не заўсёды можна быць упэўненым у нармальнасці.
«Страчаныя вакацыі», [Ztracená dovolená], Люц’е Кралёва, Чэхія, 2006
Аднойчы падчас падарожжа па Швецыі Лада знаходзіць выкінутую торбу, а ў ёй 22 негатывы. Дзяўчына прывозіць іх у Прагу і праяўляе. Ёй аддаюць 700 фотаздымкаў групы азіятаў, якія падарожнічаюць па Еўропе. Група сяброў спрабуе знайсці тых людзей, даведацца, хто яны і што рабілі ў Еўропе. У Празе моладзь ладзіць буйную фотавыставу, на якой наведнікі дзеляцца сваімі здагадкамі. Ці можна знайсці чалавека, маючы толькі фотаздымак?
«Чаму дэмакратыя?» Гэтае пытанне ставяць аўтары дакументальных фільмаў, знятых у свеце міжнароднай арганізацыяй «Steps International». Дакументалісты з розных куткоў свету рознымі шляхамі даводзяць: сёння ўсё яшчэ не страцілі сваёй актуальнасці словы Ўінстана Чэрчыля пра тое, што дэмакратыя — гэта, імаверна, найгоршы палітычны лад, але ніхто не прыдумаў нічога лепшага. Фільмы, рэпрэзентаваныя ў межах дакументальнай серыі «Чаму дэмакратыя?», — гэта не банальная агітацыя, а апісанне з’явы дэмакратыі з розных пунктаў гледжання. Не хаваецца пры гэтым факт, што гэты палітычны лад пакуль недасканалы. Кожны з 10 фільмаў — гэта інтэлектуальны выклік, які заклікае да дыскусіі. Гэтыя стужкі паказалі 40 грамадскіх тэлеканалаў у свеце, і паўсюль яны выклікалі жывую рэакцыю. Асабліва важным падаецца тое, каб гэтыя фільмы магло ўбачыць беларускае грамадства, якое пакуль вучыцца дэмакратыі.
Арганізацыя «Steps International» ставіць перад сабою за мэту распавядаць грамадству пра найважнейшыя праблемы сучаснасці ў духу тэлерантнасці і дэмакратыі. Галоўная сядзіба арганізацыі месціцца ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, а яе прадстаўніцтвы ёсць сярод іншага ў ЗША і краінах Еўрапейскага Звязу.
Сваёй найважнейшаю задачаю арганізацыя «Steps International» лічыць прамоцыю і ўдасканальванне сістэмы парламенцкай дэмакратыі.
Увосень на «Белсаце» дэбютуе новы дакументальны цыкл «Незвычайныя людзі». У ім мы пакажам постаці выбітных асобаў, якія мелі значны ўплыў на хаду падзеяў у асобных краінах і свеце. Працягнуцца таксама дакументальныя цыклы «Абліччы таталітарызму» і «Дакументальная гадзіна». У межах апошняга будзе паказаны французскі цыкл «Жывучы з ворагам» — дакументальны запіс эксперыменту, падчас якога людзі з крайне адрознымі поглядамі цягам тыдня жывуць пад адным дахам. Фільмы, якія ўваходзяць у гэты цыкл, з’явіліся на базе відэазапісаў схаванай камеры і здымкаў асабістых роздумаў герояў.
Прэм’еры серыялаў Гэтай восенню на «Белсаце» з’явяцца новыя серыялы для ўсёй сям’і. У аўторкавыя вечары гледачы ўбачаць, як жыве «Доктар Марцін», што пакінуў сваю шматабяцальную кар’еру хірурга, каб стаць мясцовым доктарам і пераехаць з Лондану ў спакойнае правінцыйнае мястэчка. Ці дапаможа доктару Марціну Элінгэму сапраўдны англійскі гумар памерацца сіламі са славаю ягонага амерыканскага калегі па прафесіі? У ролі панурага доктара вядомы брытанскі комік Александэр Марцін Клюнз.
З верасня цягам чатырох тыдняў на «Белсаце» па нядзелях будзе паказвацца серыял «Малая Масква» — гісторыя забароненага кахання жонкі савецкага лётчыка і польскага афіцэра, якія сустрэліся на аглядзе песні ў Лягніцы, на найбуйнейшай базе Чырвонай Арміі ў Польшчы 1960-х гг. Серыял ёсць тэлевізійнаю версіяй гучнага фільму, лаўрэата «Залатых ільвоў» на Фестывалі польскіх мастацкіх фільмаў у Гдыні ў 2008 г. У фільме грае польска-расейская каманда актораў.
Моладзевы блок
Побач з калыханкаю для малых і найменшых гледачоў «Белсат» падрыхтаваў цікавыя серыялы — штодня, заўсёды пасля агляду найважнейшых падзеяў, а 17:00. З панядзелка да серады гледачы змогуць сачыць за прыгодамі тройкі арыгінальных сяброў — Олі, Оляфа і Оскара — у серыяле «Тры шалёныя нулі». Па чацвяргах і пятніцах будуць ісці два серыялы Анджэя Малешкі: польска-нямецкая ініцыятыва «100 хвілін вакацыяў» і серыял «Магічнае дрэва». Аўтар серыялаў атрымаў за «Магічнае дрэва» ў 2007 г. міжнародную ўзнагароду «Эмі», якая лічыцца тэлевізійным «Оскарам». «Магічнае дрэва» — гэта сем гісторыяў аб прадметах з магічнага дрэва, надзеленых незвычайнымі ўласцівасцямі. Кожны з фільмаў — адначасова аповед пра дзяцей ды іхную ролю, поўны прыгодаў, магіі ды гумару.
Фільмы і серыялы на «Белсаце» агучаныя па-беларуску. Такім чынам тэлеканал выконвае сваю місію папулярызацыі ды развіцця беларускай мовы сярод шырокага кола гледачоў, асабліва сярод маладога пакалення беларусаў.
«Белсат» ажыццяўляе трансляцыю праз спадарожнікі «Сірыус» і «Астра» з 17:00 да 23:00. Раніцаю наступнага дня з 7:00 адбываецца паўтор вечаровага блоку. Перадачы «Белсату» даступныя для прагляду онлайн на сайце тэлеканалу.
У сувязі з апошнімі ідэямі ўрада Беларусі па нацыяналізацыі беларускага сегменту Інтэрнет прынята рашэнне змяніць адрас нашага сайту на больш нэўтральны.
Такім чынам, СУСТРАКАЙЦЕ!
Міністэрства культуры просіць людзей падказаць ідэі для дакумэнтальных фільмаў
размаўляў сёньня з міністрам культуры Паўлам Латушкам. спадар Павел папрасіў пазьбіраць з чытачоў "Звязды" і www.labadzenka.by ідэі: якія дакумэнтальныя фільмы варта зьняць у Беларусі на гістарычную і культурную тэматыку? варта падаваць не сцэнары, а проста прапановы: цікава тое і тое.
пакідайце прапановы у камэнтах, усе яны будуць перададзеныя Паўлу Латушку.
Джо Кокер выступіць у "Мінск-Арэне" 1 кастрычніка.
Ангельскія рок-зоркі паказваюць беларускім прыхільнікам сюрпрыз за сюрпрызам. Не паспеў прыехаць Элтан Джон, як ужо абвясцілі, што 18 верасня ў "Мінск-Арэне" адбудзецца канцэрт іншай брытанскай знакамітасці Стынга.
Далей - больш. Як стала вядома, у пятніцу, 1 кастрычніка, беларусаў парадуе сваім выступам знакаміты брытанец Джо Кокер. Аўтар эратычнага гімну (памятаеце, "9 ½ тыдняў" і распранаючуюся пад сексуальную кокераўскую мелодыю Кім Бесингер?) Наведае Беларусь у рамках Hard knocks tour ў падтрымку альбома Hard knocks.
Варта адзначыць, што гэта не першая спроба анансаваць прыезд Джо Кокера ў Беларусь. Аднак на гэты раз можна пакласціся на досвед арганізатара "Белдзяржцырка", канцэрты якога ніколі не адмяняліся.
У Мінск музыкант прыбудзе з Рыгі, а затым працягне турнэ і адправіцца ў Кіеў. Вядома, што квіткі на мінскі канцэрт знакамітага брытанца будуць каштаваць ад 100 тысяч рублёў, а "Мінск-Арэна" ўжо занесеная ў гастрольны графік знакамітасці.
Беларускі гурт "Рэха" пацешыць прыхільнікаў сваёй творчасці вялікім сольным канцэртам. Калектыў пэўны час не даваў вялікіх канцэртаў, і як заўважылі самі музыкі, засумаваў па сольных выступах.
- Ёсць ініцыятыва з нізу - жаданне слухачоў, пабываць на паўнавартасным маштабным канцэрце гурта Рэха, - распаёў лідэр гурта Андрусь Такінданг, - накапілася надзвычай шмат песень, якія мы ня можам граць на зборных канцэртах, таму будуць выкананыя зусім новыя, нечаканыя для Рэха песні і старыя хіты.
Вялікі сольны канцэрт у двух частках ад абноўленага складу гурта Рэха адбыўся 9 чэрвеня а 19-00 у менскай арт-кавярні “Лісіная нара”, што па адрасе вул.Каліноўскага 32.
На VIII Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур, які адбудзецца ў Гродне 4—6 чэрвеня, можна будзе пазнаёміцца з традыцыямі 33 народаў. На спецыяльна створаных падворках, якія размесцяцца на цэнтральных вуліцах і плошчах горада, жыхары і госці фестывальнай сталіцы апынуцца ў Азербайджане, Арменіі, Грэцыі, Расіі, Украіне, Польшчы, Літве і іншых краінах свету. Дарэчы, упершыню сваю культуру тут прадставяць галандцы і кітайцы. — Асаблівы каларыт праграме надае знаёмства з нацыянальнай кухняй і дэманстрацыя нейкага абраду, — расказвае галоўны рэжысёр фестывалю, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Уладзімір Сяргейчык. — Сёлета вырашылі, што кожная дыяспара пакажа свой звычай прымання дзіцяці ў гэты свет.Сёлетні фестываль пройдзе з вялікім размахам, таму яго галоўнай пляцоўкай упершыню стане стадыён “Нёман”. Запланаваны выступленні Алега Газманава, Б’янкі, Пятра Ялфімава, Гюнеш Абасавай, Аляксея Хлястова, Тарыела Майсурадзэ, Веры Карэтнікавай, гурта “3 + 2” і іншых зорак сцэны. У рамках фестывалю адбудзецца відовішчнае тэатралізаванае шэсце прадстаўнікоў усіх нацыянальных культур (гэта больш за 2 тысячы чалавек), а таксама маляўнічыя феерверкі.— У адрозненне ад мінулых у сёлетняга фестывалю дзве асноўныя ідэі: “Беларусь — наш агульны дом”, бо тут добра жывуць і ладзяць розныя дыяспары, і “Мы гэту Перамогу кавалі разам” у сувязі з 65-годдзем Вялікай Перамогі, — кажа Уладзімір Сяргейчык.
Асабіста ад сябе дадам, што ў нядзелю, 6 чэрвеня, адбудзецца мая любімая частка фэстывалю - дэгустацыя нацыянальных страў народаў свету - сапраўдная свята страўніка. Запрашаем ўсіх!
abask
У Брэсце пры падтрымцы Упраўлення культуры аблвыканкама адбудзецца першы ў горадзе над Бугам вялікі канцэрт этна – фолк музыкі Беларусі – “Фолк-фармат”.
У мерапрыемстве прымуць удзел такія гурты, як Ceilidh Сeol, CORNUCOPIA, Testamentum Terrae, Стары Ольса, нагУаль, LITVINTROLL, а таксама запланаваны выступ Наталлі Няцэлі (Тэатр пяшчаных мініяцюр) і фаэр-шоў ад Крада.
Як адзначае арганізатар і кіраўнік прома-суполкі “Заля чакання” Зміцер Назараў, праект не мае камерцыйных мэтаў:
- Стаўлю акцэнт на інтэлігенцыю горада, на моладзь, якая цікавіцца беларускай культурай. Увогуле гэта не камерцыйны праект, а больш адукацыйны ці прома-праект, які мае паказаць, што ў нашай краіне ёсць іншая культура, якую нельга пабачыць на тэлебачанні ці паслухаць па радыё. Як мне кажуць на нашых радыёстанцыях, гэта “не фармат”. Таму я адмыслова назваў мерапрыемства “Фолк-фармат”. Я разносіў запрашэнні наведаць канцэрт па банках Брэста. Супрацоўнікі банкаў часта прыходзяць і на “Старога Ольсу”, і на Змітра Вайцюшкевіча. І мне вельмі прыемна, што напрыклад, патэлефанаў прадстаўнік з прафкама БПС-банка і распавёў, што адзін чалавек здаў квіток на Саладуху, і набыў на “Фолк-фармат”.
Праблемаў з прэзентацыяй канцэрта няма?
- Не. Гэта першы канцэрт, які нашымі гарадскімі ўладамі падтрымліваецца. Знайшоў я паразуменне з упраўленцамі, што культуру трэба прасоўваць у масы.
“Фолк-фармат” пройдзе ў Брэсцкім абласным Грамадска-культурным цэнтры 6-га чэрвеня. Пачатак а 17-ай гадзіне. Кошт квіткоў - 10 - 15 тысяч рублёў.
У гэтым годзе конкурс носіць імя беларускай паэткі Ларысы Геніюш, што звязана з святкаваннем яе стагодовага юбілею. Больш за 70 прац былі дасланыя маладымі паэтамі і празаікамі Беларусі да ўдзелу ў конкурсе. Пасля ацэнкі прафесійным журы, былі складзеныя спісы пераможцаў.
- Мы з асаблівай радасцю віталі паэтаў і празаікаў, якія ідуць не па наезджанай традыцыі, а не баяцца рабіць нешта інакш, - кажа кіраўнік беларускага ПЭН-цэнтру, паэт Андрэй Хадановіч, - якія не баяцца перш за ўсё эстэтычна рызыкаваць, з іншага боку гатовыя адказваць за свае словы. Відаць гэтая сума якасцяў і рабіла спіс пераможцаў конкурсу заканамерным, нават пры тым, што іх паэзія на першы погляд вельмі адрозніваецца ад паэзіі Ларысы Геніюш.
У конкурсе маладых літаратараў ПЭН-цэнтру могуць удзельнічаць як беларускамоўныя, так і рускамоўныя аўтары. Як зазначыў член журы Андрэй Хадановіч, перамога тых ці іншых аўтараў вызначаецца выключна з пазіцыі ацэнкі якасці літаратуры, а ні ў якім разе не па моўным прынцыпе.
Сёлета сярод 15-ці пераможцаў конкурсу толькі адзін піша па - расейску. Маладыя літаратары-пераможцы конкурсу ў якасці прэзенту ў жніўні гэтага году наведаюць Прагу, дзе пэўны час жыла і пісала Ларыса Геніюш, імем якой і названы дадзены конкурс. Падчас наведвання плануецца правядзенне шэрагу семінараў і сустрэч з літаратарамі Чэхіі, а таксама святочная імпрэза, прысвечаная дню народзінаў Ларысы Геніюш.
Паводле найноўшых даследаванняў, 2,3 % беларусаў стала глядзяць тэлеканал “Белсат”, а 8,1 % глядзелі праграмы “Белсату” некалькі разоў. Год таму гэтыя лічбы складалі адпаведна 2,2 % і 5,8 %. Даследаванне правёў незалежны сацыялагічны цэнтр "Зеркало-Інфо” ў красавіку 2010 г. на групе з 1503 рэспандэнтаў ува ўсіх рэгіёнах Беларусі. Памылка рэпрэзентатыўнасці складае 1,5 %.
Гэта значыць, што сталая аўдыторыя “Белсату” складае 170 тыс. асобаў, а нерэгулярная – 591 тыс. Разам гэта дае лічбу 761 тыс. гледачоў. Гэтая колькасць не ўлічвае гледачоў, якія яшчэ не дасягнулі паўналецця.
Вынік сацыялагічнага даследавання сведчыць пра значнае павелічэнне групы нерэгулярных гледачоў тэлеканалу. Гэта можа быць звязанае з ростам папулярнасці інтэрнэт-старонкі тэлеканалу www.belsat.eu, дзе даступная для прагляду большасць праграмаў, падрыхтаваных тэлеканалам “Белсат”. У красавіку 2010 г. месячная колькасць уваходаў на сайт з унікальных IP-адрасоў склала амаль 80 тыс. Паўгода таму на сайт што месяц заходзілі 50–60 тыс. карыстальнікаў. Назіраецца рост колькасці новых карыстальнікаў інтэрнэт-старонкі “Белсату” амаль на 40 %.
Паводле Сяргея Пелясы, прэс-сакратара “Белсату”, гэта сведчыць пра унікальнасць сайту: “Кожны беларус, які мае доступ да інтэрнэту, можа паглядзець на сайце тэлеканалу цікавыя інфармацыйныя, публіцыстычныя ды гістарычныя праграмы, якіх не знойдзе на іншых сайтах. Для гэтага не трэба спадарожнікавай антэны. Колькасць нашых гледачоў павялічваецца таксама разам з імклівым ростам колькасці інтэрнэт-карыстальнікаў у Беларусі, які назіраецца апошнімі месяцамі”.
З 17 траўня сайт узбагаціўся. Цягам дня, яшчэ да выхаду ў эфір вечаровага галоўнага выдання навінаў “Аб'ектыву” а 21.00, на сайце з’яўляецца кароткае выданне навінаў з актуальнай інфармацыяй і відэа.
Сустрэча з айцом Аляксандрам Надсанам! Заўтра!
У пятніцу (23-га красавіка, заўтра!!!) ў рамах паседжаньня грэка-каталіцкага клуба інтэлігенцыі адбудзецца сустрэча з вядомым беларускім дзеячом замежжа, пісьменьнікам, перакладчыкам, дасьледчыкам, сьвятаром Аляксандрам Надсанам, шматгадовым дырэктарам беларускай бібліятэкі імя Францішка Скарыны ў Лёндане.
На сустрэчы а. Аляксандар будзе распавядаць пра духоўную спадчыну сьв. Кірылы Тураўскага і адказваць на пытаньні.
Запрашайце ўсіх сваіх зацікаўленых знаёмых!!!
Мерапрыемства адбудзецца ў парафіяльным цэнтры сьв. Язэпа:
вул. Арджанікідзе, 6 (ст.м. Аўтазаводская, па ходу цягніка налева, далей адразу па вул. Цэнтральная 3-ці паварот направа).
Сустрэча а 19-й гадзіне роўна
Грамада беларускай культуры імя Францішка Скарыны запрашае на сустрэчу зь беларускім гісторыкам Генадзем Сагановічам.
Сустрэча прысьвечана ўдзелу войскаў Вялікага княства Літоўскага ў Грунвальдскай бітве. Вы зможаце задаць свае пытаньні і даведацца на цікавыя падзеі тых часоў.
Дата: 3 красавіка. Пачатак у 15.00.
Месца праводжаньня: Бібліятэка імя Леніна, пад’езд №3, 3 паверх, Выставачная заля.
Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і выдавецтва “Тэхналёгія” запрашаюць на прэзэнтацыю
5-га (апошняга) выпуска факсымільнага выданьня газэты “Наша Ніва”, якая адбудзецца 24 сакавіка 2010 году а 15-й гадзіне ў Інфармацыйна-выставачным цэнтры ЦНБ імя Якуба Коласа НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15, пакой 110)
Уваход свабодны
У прэзэнтацыі ўдзельнічаюць вядомыя дзеячы навукі і культуры Беларусі.
Прэс-рэліз тут:
http://www.box.net/shared/khyznmttit
Даведкі праз тэл. +37529 325 24 23 (Марыя)
Ахвотныя набыць выданьне - майце на ўвазе, што фармат кнігі нестандартны (памер тагачаснай газэты)
У Мінску на працягу 2010—2011 гадоў запланавана ўзвядзенне помніка класіку беларускай літаратуры Уладзіміру Караткевічу (26.11.1930—25.07.1984). Гэтае прадугледжвае план падрыхтоўкі і святкавання 80-годдзя з дня нараджэння пісьменніка.У плане, зацверджаным міністрам культуры Паўлам Латушкам, адзначаецца, што помнік павінен быць пабудаваны са сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў, а адказнасць за выкананне ўскладзена на Мінкультуры і Мінгарвыканкам.
У план, які ўключае 23 пункты, увайшлі мерапрыемствы па добраўпарадкаванні дома-музея Караткевіча ў Оршы (Віцебская вобласць), мемарыялізацыі і добраўпарадкаванні тэрыторый і мясцін, звязаных з жыццём і дзейнасцю пісьменніка, размяшчэнні на вуліцах сталіцы білбордаў з яго партрэтам і надпісам "80 год з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры У.Караткевіча", а таксама па правядзенні шэрагу выстаў, у тым ліку ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Прадугледжваецца выпуск памятнага канверта з арыгінальнай паштовай маркай і яго спецгашэнне ў Оршы, правядзенне ўрачыстых вечарын, у тым ліку ў сталічным Доме дружбы, канцэртаў, падчас якіх прагучаць творы на вершы Караткевіча, паказ спектакляў паводле яго твораў, стварэнне фільмаў — дакументальнага "Ён жыў Беларуссю", чатырохсерыйнага тэлевізійнага мастацкага і кінаверсіі паводле рамана пісьменніка "Каласы пад сярпом тваім", а таксама розныя мерапрыемствы ва ўстановах адукацыі.
Акрамя таго, запланавана размяшчэнне ў электронных СМІ спецыяльных сюжэтаў, прысвечаных пісьменніку, наданне яго імя вуліцы ў Рагачове (Гомельская вобласць), дзе жыў і працаваў Караткевіч, а таксама выданне твораў класіка. Выпуск твораў павінна ажыццявіць Міністэрства інфармацыі за кошт рэспубліканскага бюджэту і ўласных сродкаў выдавецтваў.
У інтэрв'ю БелаПАН старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч адзначыў, што васьмітомны збор твораў Караткевіча выходзіў ў 1987—1991 гадах. На яго думку, выданне поўнага збору стане "найвялікім і найактуальным помнікам беларускай дзяржавы і ўдзячных чытачоў свайму слаўнаму празаіку, паэту і драматургу". "І будзе выдатна, калі з запланаванага ў нашых умовах будзе выканана большая частка мерапрыемстваў па ўганараванні памяці нацыянальнага генія", — сказаў Пашкевіч.
Баравік » Навіны
Заказать вывеску в ra-record.ru заказать вывеску в ra-record.ru ra-record.ru | Bit Turbo Pro How to earn Bit Turbo Pro starn now gentiuno.com |
Працуе на PunBB, падтрымка Баравік.
Currently installed 14 official extensions. Copyright © 2003–2009 PunBB.