Тэма: Беларусь стварае свой аналяг Інстытуту Гётэ
Беларускі ўрад прыняў рашэньне стварыць Інстытут культуры Беларусі. Перад новай навуковай установай ставяцца вельмі шырокія задачы – ад падрыхтоўкі спэцыялістаў у галіне культуры на Радзіме да папулярызацыі беларускай культуры за мяжой.
Як паведаміў ў інтэрвію Польскаму Радыё намесьнік міністра культуры Беларусі Тадэвуш Стружэцкі, Інстытут культуры будзе мець чатыры галоўныя накірункі дзейнасьці. Першы зь іх – гэта падрыхтоўка і павышэньне кваліфікацыі працаўнікоў сфэры культуры.
Т. Стружэцкі: У сфэры культуры працуюць сёньньня каля 50 тысячаў спэцыялістаў. Многія зь іх ня маюць профільнай вышэйшай адукацыі. Адна з асноўных задачаў інстытуту – рэгулярнае й сыстэматычнае павышэньне кваліфікацыі спэцыялістаў і перападрыхтоўка па некаторых спэцыяльнасьцях. Напрыклад, сёньня ў шматлікіх музэйных установах і клюбах працуюць людзі, якія ўвогуле ня маюць профільнай адукацыі. Гэтую праблему можна вырашаць шляхам перападрыхтоўкі.
Другім кірункам дзейнасьці новага навукова-асьветніцкага інстытуту будзе выбар прыярытэтаў разьвіцьця беларускай культуры. Акрамя гэтага Інстытут культуры Беларусі зоймецца аховай гісторыка-культурнай спадчыны ды рэстытуцыяй – вяртаньнем на Радзіму некалі вывезеных культурных каштоўнасьцяў. Нарэшце, апошнім вельмі важным напрамкам дзейнасьці стане папулярызацыя беларускай культуры за мяжой і супрацоўніцтва зь беларусамі замежжа.
Як паведаміў намесьнік міністра культуры Беларусі Тадэвуш Стружэцкі, дзеля гэтых мэтаў будзе створана сетка цэнтраў беларускай культуры за мяжой. Іх дзейнасьць будзе падобная да дзейнасьці такіх установаў, як нямецкі Інстытут Гётэ, гішпанскі Інстытут Сэрвантэса, Францускі інстытут, альбо Польскі інстытут у Менску.
Т. Стружэцкі: Мы ставім перад цэнтрамі беларускай культуры за мяжой шырокія культурна-адукацыйныя мэты. Гэта вывучэньне й папулярызацыя беларускай мовы, прэзэнтацыя беларускай культуры, падтрымка дзейнасьці беларускіх аматарскіх калектываў у замежжы, арганізацыя конкурсаў на тэму веданьня гісторыі й культуры Беларусі.
Старшыня Рады “Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” Ніна Шыдлоўская вельмі ўсьцешаная стварэньнем Інстытуту культуры Беларусі. Яна падкрэсьлівае, што дадзеная установа ствараецца ў тым ліку дзякуючы намаганьням “Бацькаўшчыны”. У аснову яе дзейнасьці пакладзеная прапановы дэлегатаў Пятага зьезду беларусаў сьвету. Згуртаваньне Беларусаў сьвету гатовае дапамагчы Інстытуту культуры ў яго працы.
Н. Шыдлоўская: Пакуль што ніякіх прапановаў да “Бацькаўшчыны” не паступала, але калі ў Міністэрства культуры ўзьнікне неабходнасьць зьвярнуцца да нашага досьведу, то мы будзем вельмі радыя дапамагчы ўсімі даступнымі нам сродкамі. Мы гатовыя дапамагаць, каб у іншых краінах даведаліся як мага больш поўна ды ўсебакова пра тыя працэсы, якія адбываюцца ў нас у краіне. Мы хочам, каб беларускія дзяржаўныя ворганы разьвівалі супрацоўніцтва з рознымі арганізацыямі беларусаў замежжа, незалежна ад іх палітычнай арыентацыі.
Старшыня Рады “Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” падкрэсьлівае, што супрацоўніцтва паміж Міністэрствам культуры й беларускімі арганізацыямі замежжа вельмі важнае як для пашырэньня ўплываў Беларусі ў сьвеце, так і для ўзмацненьня саміх асяродкаў беларусаў за мяжой.
===============
Крыніца: http://kamunikat.org/8645.html