1

Тэма: Да Дня роднай мовы VOKA адкрывае бясплатны доступ да фільмаў з беларускай агучкай

Да Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, на тыдзень VOKA адкрывае бясплатны доступ да замежных фільмаў з беларускім дубляжом. Знайсці іх можна ў раздзеле «Кіно па-беларуску» (https://voka.tv/collections/cinevoka).

У перакладной калекцыі VOKA — ужо больш за 70 мастацкіх і анімацыйных фільмаў, пераагучаных на беларускую мову для гледачоў відэасэрвісу з удзелам прафесійных акцёраў, дыктараў і музыкантаў.

Там ёсць і класіка сусветнага кіно, і культавыя фільмы апошніх гадоў, і папулярныя навінкі: «Знесеныя ветрам», «Гэта цудоўнае жыццё», «12 раз'юшаных мужчын», «Зора», «Леон», «Палёт над гняздом зязюлі», «Пяты элемент», «Рэквіем па мары», «Парфумер: Гісторыя аднаго забойцы», «Мемуары гейшы», «Кніга Ілая», «Жонка аглядальніка заапарка» і іншыя.

Для сямейнага прагляду можна выбраць анімацыйную класіку «Мой сусед Тотара», «Вандроўны замак Хаўла» і «Наўсікая з Логу Вятроў» ад Хаяо Міядзакі, камедыю «Нянькі», першыя тры часткі фантастычнага баевіка «Дзеці шпіёнаў» і многае іншае. У раздзеле таксама прадстаўлена анімацыя ад беларускіх мультыплікатараў — міні-серыял пра персанажа народных казак Несцерку, а таксама некаторыя карціны Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм».

Бясплатны доступ да медыятэкі «Кіно па-беларуску» будзе акдрыты з 15 па 21 лютага ўключна. Паглядзець фільмы з агучкай на роднай мове ўсе ахвотныя змогуць на сайце voka.tv ці ў мабільнай праграме VOKA — з любой прылады і ў сетцы любога аператара пасля аўтарызацыі па нумары тэлефона.

https://nn.by/?c=ar&i=268371