1

Тэма: Святочная вечарына «Збіраўся скарб: 50 тамоў “Беларускага кнігазбору”»

МГА «Белкнігазбор» і МГА «Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”» запрашаюць 17 сакавіка на святочную вечарыну «Збіраўся скарб: 50 тамоў “Беларускага кнігазбору”».

Імпрэза прысвечана выхаду юбілейнага 50-га тома кніжнага праекта «Беларускі кнігазбор».

Ініцыятыва стварэння кніжнага праекта «Беларускі кнігазбор» належыць пісьменніку Кастусю Цвірку. Менавіта ён загарэўся ідэяй выдаць у 200 тамах усё лепшае з літаратуры, што было створана на беларускай зямлі ад самага пачатку пісьменства да нашых дзён.

Па словах дырэктара выдавецтва «Кнігазбор» Генадзя Вінярскага, у той час нікому не верылася, што гэтую ідэю ўдасца ажыццявіць. Аднак у 1995 годзе вядомыя дзеячы навукі і літаратуры ўтварылі Міжнародны фонд «Беларускі кнігазбор». У 1996 годзе выйшаў першы том праекта — «Выбраныя творы» Яна Чачота.

Сёння з упэўненасцю можна сказаць, што «Беларускі кнігазбор» даказаў сваю жыццяздольнасць. Чвэрць з запланаваных да выдання кніг ужо ўбачылі свет.

Святочная імпрэза з гэтай нагоды адбудзецца 17 сакавіка ў Палацы мастацтва (г. Мінск, вул. Казлова,3). Пачатак мерапрыемства а 18 гадзіне.

Падчас мерапрыемства выступяць: старшыня МГА «Белкнігазбор» Кастусь Цвірка, дырэктар ПУП «Кнігазбор» Генадзь Вінярскі, намеснік старшыні Рады МГА «ЗБС “Бацькаўшчына”» Валеры Герасімаў.

Словы пра важнасць «Беларускага кнігазбору» і літаратурную спадчыну Беларусі скажуць акадэмік Радзім Гарэцкі, доктар філалагічных навук Адам Мальдзіс, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Віктар Скорабагатаў, паэты Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Уладзімір Някляеў.

На вечарыне прагучаць музычныя творы ў выкананні Лявона Вольскага, трыо «Вытокі», Таццяны Беланогай.

Рэй вядзе паэт Міхась Скобла.

17 сакавіка (серада)

Палац Мастацтва

г. Мінск, вул. Казлова, 3

Пачатак а 18 гадзіне

Уваход вольны