Тэма: У аповесці Караткевіча цэнзар зрабіў 296 правак
У выдавецтве «Медысонт» выйшла ўнікальная кніга – аповесць Уладзіміра Караткевіча «Ладдзя Роспачы» – у арыгінальным выглядзе аўтарскага рукапісу.
У чытачоў ёсць магчымасць пабачыць на ўласныя вочы ўсе цэнзарскія, аўтарскія і карэктарскія праўкі, што былі зробленыя ў аповесці, калі яе рыхтавалі да друку. У двух варыянтах тэксту аповесці толькі цэнзарскіх правак назбіралася 296. Ідэя такога выдання, што дэманструе нам рэальнасць савецкае таталітарнае сістэмы і паказвае ўвесь творчы працэс навыварат, належыць Глебу Лабадзенку, літаратару і журналісту.
У кнізе прыведзеныя тры варыянты аповесці Караткевіча. Апроч саміх копіяў старонак Караткевічавага рукапісу ў кнізе ёсць 55 ілюстрацый, 27 з якіх друкуюцца ўпершыню, шматлікія фотаздымкі з ягонага сямейнага архіву і збораў сяброў, якіх яшчэ не бачыла шырокая публіка.
Шмат паспрыяў гэтаму выданню Рыгор Барадулін, які напісаў і прадмову да гэтае кнігі. Бо менавіта сябру Барадуліну ў 1964 годзе і прысвяціў сваю аповесць “Ладззя Роспачы” Караткевіч. У выданні ёсць фотакопія рукапісу, потым ідзе кніжны тэкст з праўкамі Караткевіча і цэнзара.
Ідэя ўзнікла ў Глеба Лабадзенкі, калі ён дазнаўся, што ў Васіля Сёмухі ёсць арыгінальны машынапіс аповесці Караткевіча, з якога ён рабіў пераклад на расійскую мову для часопіса “Нёман” за 1968 год. У параўнанні з тагачаснай публікацыяй ў часопісе Глеб Лабадзенка налічыў 153 цэнзарска-рэдактарскія праўкі! Пасля ўкладальнік выявіў у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа чарнавыя накіды “Ладдзі” – чатыры рукапісныя аркушы. Яны таксама ўключаныя ў кнігу. Завяршаецца кніга аналізам правак, зробленых у творы падчас яго рэдагавання, аналіз выканаў Глеб Лабадзенка. Такім чынам перад намі паўстае амаль дэтэктыўная гісторыя змагання Майстра з цэнзураю. Кніга надзвычай важная не толькі для гісторыкаў літаратуры і філолагаў, але і для ўсіх, хто хоча адчуць дух таго часу, калі рэдактары выкідвалі з Караткевічавых радкоў слова “беларускі”…
Прэзентацыя “Ладдзі Роспачы” адбудзецца 4 снежня (субота) а 13-й гадзіне ў Мінску ў “Кніжным салоне” (Калініна, 5, метро “Парк Чалюскінцаў”). Абяцалі ўзяць удзел Рыгор Барадулін, Васіль Сёмуха, Генадзь Бураўкін, Уладзімір Арлоў, Сяргей Панізнік.
Прэзентацыя пройдзе ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Караткевіч Уладзімір. Ладдзя Роспачы. Навела / Першае непадцэнзурнае выданне: аналіз аўтарскіх і цэнзарска-рэдактарскіх правак. Уклад., ідэя, камент., аналіз Глеба Лабадзенкі ; прадмова Рыгора Барадуліна ; паслямова Васіля Сёмухі. – Мінск : Медысонт, 2010. – 148 с. : іл.