1

Тэма: Усебеларуская тарэнтоўка (Наша Ніва)

Юльян Місюкевіч | 15:58, 26 жнiўня 2010

Два падобныя па назве файлаабменныя парталы беларускага інтэрнэта (Torrent.by і Torrents.by) валодаюць досыць адрознай аўдыторыяй.

Аднак гісторыя стварэння праектаў амаль аднолькавая. Праца парталаў пачыналася і трымаецца на адным аматары, каманда зацікаўленых дапамагае абслугоўваць толькі форум.

Як паведамляла «Наша Ніва» раней, у Беларусі не плануецца забараняць торэнты. Але з 1 верасня www.torrent.by канчаткова пераязджае на даменнае імя www.baravik.org. Прычынаю стаўся указ № 60 «Аб мерах удасканальвання выкарыстоўвання нацыянальнага сегменту Інтэрнэт». Каб пазбегнуць праблемаў, адміністрацыя трэкера вырашыла пакінуць зону.by. На новае даменнае імя указ № 60 не распаўсюджваецца.

Партал torrent.by з’явіўся ў ліпені 2007 года. Праект ствараўся для людзей, неабыякавых да пытанняў развіцця роднай мовы і культуры, павышэння нацыянальнай самасвядомасці. Таму адсотак карыстальнікаў, якія сімпатызуюць беларускай мове ды гісторыі, па словах адміністрацыі сайту, дасягае 99,9%.

Дэцэнтралізаваны абмен інфармацыяй будзе развівацца, лічыць стваральнік праекту Аляксандр Данілаў, але торэнты — з’ява часовая. «Тэхналогіі дэцэнтралізаванага абмену файламі вельмі перспектыўныя, зніжаюць нагрузку на кампутарныя сеткі, але час бескантрольнага распаўсюду інфармацыі з парушэннямі аўтарскага права падыходзіць да канца», — пэўны Аляксандр Данілаў.

«Як любы іншы рэсурс, з дапамогаю якога зарабляюцца грошы, мы зарэгістраваныя ў нацыянальным сегменце інтэрнэта»,

— паведаміў «Нашай Ніве» адміністратар Дзяніс, стваральнік іншага партала — torrents.by, які пачаў сваю працу ў снежні 2007 году. «У адзін з зімовых вечароў прыйшла думка, што на прасторах байнэта няма падобнага рэсурсу», — апавядае адміністратар «Трэкера тваёй краіны».

На думку Дзяніса, торэнты з’яўляюцца больш грамадскай, чым культурнай з’яваю. Стваральнік парталу рады, што ягоны праект дазваляе людзям быць у кантакце. Torrents.by сабраў вакол сябе супольнасць, якая ладзіць сустрэчы ў рэальным жыцці. Адна з такіх імпрэзаў пад назваю «Усебеларуская тарэнтоўка» адбылася не так даўно пад Бабруйскам.

Torrents.by не адмовіцца рэтрансляваць папулярныя альбо скандальныя фільмы, калі яны не будуць палітычнымі.

Адміністратар не выключае магчымасці звярнуцца да «Белсата» па відэаархівы, але толькі пасля акрэдытацыі тэлеканала ў Беларусі.

Абодва праекты не ставяць палітычных ці ідэалагічных мэтаў у сваім развіцці. Кожны з іх не бачыць для сябе канкурэнтаў. Насамрэч, ствараецца ўражанне, што мэтавыя групы двух парталаў розныя і наўрад ці могуць перамяжоўваюцца.

Першы пратакол абмену файламі Torrent з’явіўся ў ліпені 2001 году. Сярод карыстальнікаў сеціва такая сістэма распаўсюду інфармацыі даўно набыла вялікую папулярнасць у свеце.
Наша Ніва

2

Працяг: Усебеларуская тарэнтоўка (Наша Ніва)

abask, ты ёсьць ужо зоркай нацыянальнага маштабу smile

3

Працяг: Усебеларуская тарэнтоўка (Наша Ніва)

Прыемна бачыць, НН - залік за піяр!

А вось мне сорамна, шмат чаго ёсць але дагэтуль не аформіў на раздачу.
Хутка буду зноў актывізавацца.