Тэма: У Мінску ўзвядуць помнік Уладзіміру Караткевічу
У Мінску на працягу 2010—2011 гадоў запланавана ўзвядзенне помніка класіку беларускай літаратуры Уладзіміру Караткевічу (26.11.1930—25.07.1984). Гэтае прадугледжвае план падрыхтоўкі і святкавання 80-годдзя з дня нараджэння пісьменніка.У плане, зацверджаным міністрам культуры Паўлам Латушкам, адзначаецца, што помнік павінен быць пабудаваны са сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў, а адказнасць за выкананне ўскладзена на Мінкультуры і Мінгарвыканкам.
У план, які ўключае 23 пункты, увайшлі мерапрыемствы па добраўпарадкаванні дома-музея Караткевіча ў Оршы (Віцебская вобласць), мемарыялізацыі і добраўпарадкаванні тэрыторый і мясцін, звязаных з жыццём і дзейнасцю пісьменніка, размяшчэнні на вуліцах сталіцы білбордаў з яго партрэтам і надпісам "80 год з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры У.Караткевіча", а таксама па правядзенні шэрагу выстаў, у тым ліку ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Прадугледжваецца выпуск памятнага канверта з арыгінальнай паштовай маркай і яго спецгашэнне ў Оршы, правядзенне ўрачыстых вечарын, у тым ліку ў сталічным Доме дружбы, канцэртаў, падчас якіх прагучаць творы на вершы Караткевіча, паказ спектакляў паводле яго твораў, стварэнне фільмаў — дакументальнага "Ён жыў Беларуссю", чатырохсерыйнага тэлевізійнага мастацкага і кінаверсіі паводле рамана пісьменніка "Каласы пад сярпом тваім", а таксама розныя мерапрыемствы ва ўстановах адукацыі.
Акрамя таго, запланавана размяшчэнне ў электронных СМІ спецыяльных сюжэтаў, прысвечаных пісьменніку, наданне яго імя вуліцы ў Рагачове (Гомельская вобласць), дзе жыў і працаваў Караткевіч, а таксама выданне твораў класіка. Выпуск твораў павінна ажыццявіць Міністэрства інфармацыі за кошт рэспубліканскага бюджэту і ўласных сродкаў выдавецтваў.
У інтэрв'ю БелаПАН старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч адзначыў, што васьмітомны збор твораў Караткевіча выходзіў ў 1987—1991 гадах. На яго думку, выданне поўнага збору стане "найвялікім і найактуальным помнікам беларускай дзяржавы і ўдзячных чытачоў свайму слаўнаму празаіку, паэту і драматургу". "І будзе выдатна, калі з запланаванага ў нашых умовах будзе выканана большая частка мерапрыемстваў па ўганараванні памяці нацыянальнага генія", — сказаў Пашкевіч.