Тэма: «БЕЛСАТ» ГЛЯДЗЯЦЬ БОЛЬШ ЗА 10 % ДАРОСЛЫХ БЕЛАРУСАЎ
Паводле найноўшых даследаванняў, 2,3 % беларусаў стала глядзяць тэлеканал “Белсат”, а 8,1 % глядзелі праграмы “Белсату” некалькі разоў. Год таму гэтыя лічбы складалі адпаведна 2,2 % і 5,8 %. Даследаванне правёў незалежны сацыялагічны цэнтр "Зеркало-Інфо” ў красавіку 2010 г. на групе з 1503 рэспандэнтаў ува ўсіх рэгіёнах Беларусі. Памылка рэпрэзентатыўнасці складае 1,5 %.
Гэта значыць, што сталая аўдыторыя “Белсату” складае 170 тыс. асобаў, а нерэгулярная – 591 тыс. Разам гэта дае лічбу 761 тыс. гледачоў. Гэтая колькасць не ўлічвае гледачоў, якія яшчэ не дасягнулі паўналецця.
Вынік сацыялагічнага даследавання сведчыць пра значнае павелічэнне групы нерэгулярных гледачоў тэлеканалу. Гэта можа быць звязанае з ростам папулярнасці інтэрнэт-старонкі тэлеканалу www.belsat.eu, дзе даступная для прагляду большасць праграмаў, падрыхтаваных тэлеканалам “Белсат”. У красавіку 2010 г. месячная колькасць уваходаў на сайт з унікальных IP-адрасоў склала амаль 80 тыс. Паўгода таму на сайт што месяц заходзілі 50–60 тыс. карыстальнікаў. Назіраецца рост колькасці новых карыстальнікаў інтэрнэт-старонкі “Белсату” амаль на 40 %.
Паводле Сяргея Пелясы, прэс-сакратара “Белсату”, гэта сведчыць пра унікальнасць сайту: “Кожны беларус, які мае доступ да інтэрнэту, можа паглядзець на сайце тэлеканалу цікавыя інфармацыйныя, публіцыстычныя ды гістарычныя праграмы, якіх не знойдзе на іншых сайтах. Для гэтага не трэба спадарожнікавай антэны. Колькасць нашых гледачоў павялічваецца таксама разам з імклівым ростам колькасці інтэрнэт-карыстальнікаў у Беларусі, які назіраецца апошнімі месяцамі”.
З 17 траўня сайт узбагаціўся. Цягам дня, яшчэ да выхаду ў эфір вечаровага галоўнага выдання навінаў “Аб'ектыву” а 21.00, на сайце з’яўляецца кароткае выданне навінаў з актуальнай інфармацыяй і відэа.